Цяпер афіцыйна!
Ва Украіне створанае і зарэгістраванае грамадскае аб’яднанне “Беларуская грамада Украіны” (украінскаю моваю – “Громадська спілка “Білоруська спільнота України”). Аб’яднанне стварылі беларускія грамадскія арганізацыі, які працуюць ва Украіне. Асноўнымі статутнымі мэтамі арганізацыі ёсць абарона правоў сябраў аб’яднання, наданне дапамогі, сацыяльная і юрыдычная абарона беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі Украіны, усталяванне і развіццё сувязяў з беларусамі і беларускімі грамадамі па-за межамі Украіны, а таксама спрыянне захаванню нацыянальнай, моўнай, рэлігійнай самабытнасці беларускай грамады ва Украіне.
Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці грамадскага аб’яднання пазначаныя развіццё ва Украіне прававой дзяржавы з забеспячэннем роўнасці правоў і свабодаў людзей усіх нацыянальнасцяў, у тым ліку выхадцаў з Беларусі, налаштоўванне культурнага дыялогу з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў, якія жывуць ва Украіне, спрыянне пашырэнню ведаў пра дзейнасць беларускай грамады ва Украіне, спрыянне сацыяльнай інтэграцыі з забеспячэннем захавання этнічнай разнастайнасці, асветная дзейнасць, падтрыманне беларускіх нацыянальных традыцыяў праз правядзенне розных культурніцкіх мерапрыемстваў, падтрымку і развіццё беларускіх рэлігійных грамадаў з мэтай захавання этнакультурнай самабытнасці беларусаў ва Украіне.
Ужо зараз прадстаўнікі “Беларускай грамады ва Украіне” бяруць удзел у Працоўнай групе распрацоўкі нацыянальнай стратэгіі захавання моваў, якім пагражае знікненне, ва Украіне, арганізуюць круглыя сталы для абмеркавання супрацоўніцтва беларусаў, якія жывуць ва Украіне, і ўкраінскіх уладаў ды грамадства, ладзяць імрэзы, падчас якіх распавядаюць украінцам пра барацьбу беларусаў за сввю свабоду і нацыянальную ідэнтычнасць.