25 сакавіка – галоўнае нацыянальнае свята беларусаў – Дзень Волі. Менавіта 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная першая незалежная дзяржава беларусаў – Беларуская Народная Рэспубліка. Штогод у гэты дзень беларусы ладзяць нейкія імпрэзы, каб адзначыць адну з асноўных вехаў на сваім шляху да незалежнасці. На жаль, гэты шлях у нашага народа яшчэ не скончаны і мы працягваем змагацца за вольную Беларусь. Апошнія гады – поплеч з Украінай супраць нашага агульнага ворага – расійскай імперыі.
25 сакавіка, у Дзень Волі, мы арганізавалі ўшаноўванне беларускіх герояў, якія загінулі за Украіну, побач з месцам гібелі беларускага дабраахвотніка Іллі Хрэнава з пазыўным “Літвін” на мемарыяле гераічнай абароне і ахврам акупацыі Бучы. Падчас імпрэзы фонд “Вільна Білорусь” перадаў Бучанскай гарадской адміністрацыі скульптуру, выкананую з абломкаў расійскай ракеты “Калібр”, збітай над Кіевам вайскоўцамі 96-й ракетна-зенітнай брыгады. Скульптуру ў выглядзе шматпавярховага дома, у якім захрас кавалак ракеты, якая сімвалізуе мірную і чыстую Украіну, разбураную расійскімі ракетамі, выканалі ў Львоўскай Акадэміі мастацтваў.
У святкаванні Дня Волі ў Бучы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Бучанскай гарадской Рады і мясцовай адміністрацыі, а таксама пасол у асаблівых даручэннях у пытаннях Беларусі МЗС Украіны Ігар Кізім, пасол Польшчы ва Украіне Яраслаў Гузы, жонкі загінулых беларускіх дабраахвотнікаў Васіля Парфянкова і Змітра Рубашэўскага, ваяры батальёнаў “Волат” Дзяніс Урбановіч і “Тэрор” Радзівон Батулін ды шэраг іншых беларускіх дабраахвотнікаў і валанцёраў, журналістка і грамадская дзяячка Наталка Пазьняк-Хаменка. Усе, хто выходзіў да мікрафона, звярталі увагу на тое, што сапраўдная Беларусь, якая мае нацыянальную годнасць і памяць – з Украінай.





