Для палітычных уцекачоў з «апошняй дыктатуры Еўропы» барацьба за вызваленне Украіны ад расійскага панавання разглядаецца як першы крок да вызвалення іх уласнай краіны ад усё больш аўтарытарнага кантролю Масквы.
Беларуская апазіцыя за мяжой згуртавалася на абарону Украіны.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага сотні грамадзян Беларусі ўзялі ў рукі зброю на баку Украіны. Большасьць зь іх уваходзіць у склад Полку імя Кастуся Каліноўскага — адзінкі ўкраінскіх вайскоўцаў, якая цалкам складаецца зь беларусаў. Падчас баявых дзеянняў загінулі не менш за 16 чалавек.
«Пасля таго, як я скончыў службу ў беларускім войску, я вырашыў, што больш ніколі не буду служыць у войску», — распавёў Newsweek Макс, салдат палка Каліноўскага. «Але сітуацыя аказалася з дакладнасцю да наадварот».
Як і многія людзі ў яго падраздзяленні, Макс пакінуў Беларусь за некалькі месяцаў да пачатку цяперашняй вайны паміж Расіяй і Украінай. Для яго знакам таго, што час уцякаць, стаў той факт, што супрацоўнікі беларускага КДБ, які дагэтуль называюць галоўнай службай дзяржаўнай бяспекі краіны, прывезлі яго на допыт па палітычных матывах.
«Я ўцёк з Беларусі, каб не трапіць у турму, але я не хачу далей бегчы», — сказаў Макс. «Шмат беларускіх выгнаннікаў паехала ў Еўропу, але калі вы пабяжыце на захад, то оркі (на ўкраінскім слэнгу «рускія жаўнеры») проста пойдуць за вамі. Лепш рызыкаваць жыццём вольнага чалавека, чым далей бегчы.”
Без сумневу, жыццё Макса ў небяспецы. Ён распавёў некаторыя падрабязнасці аб рэчаіснасці на лініі фронту.
Палітычным эмігрантам, такім як Макс, дапамагае сетка беларускіх апазіцыйных актывістаў ва Украіне, якія бачаць свой часовы новы дом як ідэальную базу для працягу барацьбы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску, які падтрымліваецца Масквой.
«З 20 лютага гэтага года Беларусь знаходзіцца пад расійскай ваеннай акупацыяй, — заявіў Newsweek кіраўнік Беларускага крызіснага цэнтра ў Львове Аляксей Францкевіч.
«Расейскія войскі, якія знаходзіліся ў Беларусі ў лютым пад выглядам так званых «вучэнняў», не пакінулі нашу тэрыторыю», — сказаў ён. «Мы разумеем, што калі Расея не пераможаная ва Украіне, Беларусь таксама не можа быць свабоднай. Таму мы тут змагаемся разам з украінцамі супраць нашага агульнага імпэрскага ворага ў рамках працэсу дэакупацыі Беларусі».
Францкевіч знайшоў прытулак ва Украіне ў месяцы пасля жніўня 2020 года, калі агульнанацыянальны рух мірнага пратэсту пагражаў адхіленнем ад улады беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што 80,1% галасоў за Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах у тым месяцы былі прызнаныя нелегітымнымі Еўрапейскім саюзам, ЗША і значнай часткай грамадзянскай супольнасці Беларусі, Лукашэнка застаецца фактычным лідэрам у Мінску па гэты дзень.
Аднак захоп улады Лукашэнкам залежыць больш ад падтрымкі Масквы, чым ад волі саміх беларусаў.