Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва ва Украіне, беларусы былі другой па колькасці нацыянальнай меншасцю — каля 360 тысяч чалавек. У многіх гарадах існавалі беларускія арганізацыі і культурныя аб’яднанні. На жаль, пасля поўнамаштабнага ўварвання рф з тэрыторыі Беларусі сітуацыя змянілася: большасць арганізацый спынілі сваю дзейнасць, а многія беларусы сёння нават не хочуць ідэнтыфікаваць сябе як беларусаў.
Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, у Харкаве беларуская супольнасць працягвае жыць і дзейнічаць. Мы сустрэліся з яе прадстаўнікамі ў ХНУ ім. Каразіна на дакументальна-мастацкай выстаўцы «Вялікія землякі: Дзмітрый Яварніцкі». Гэта была цёплая і змястоўная размова, якая нагадала, наколькі важна падтрымліваць адзін аднаго і захоўваць беларускую культуру і ідэнтычнасць нават у складаныя часы.
Асобна адбылася сустрэча з кіраўніком Харкаўскага гарадскога нацыянальна-культурнага аб’яднання беларусаў “Сябры”, якое існуе з 2002 года і ўжо шмат гадоў аб’ядноўвае беларусаў, захоўваючы роднае слова, культуру і традыцыі.
Асабліва важнай была сустрэча з прадстаўнікамі бізнесу. Прыемна, што беларусы Харкава — паважаныя людзі ў горадзе, якія карыстаюцца аўтарытэтам і даверам. Мы пазнаёміліся, дамовіліся аб супрацоўніцтве і ўжо плануем новыя праекты. У прыватнасці, у Харкаве рыхтуем выстаўку, прысвечаную загінулым беларускім героям.
Мы актыўна працуем над адраджэннем беларускай супольнасці ва Украіне — праўкраінскай, праэўрапейскай, беларускай і актыўнай. Пачалі абмеркаванне і падрыхтоўку Форуму беларусаў ва Украіне. Першую такую сустрэчу мы арганізавалі год таму, і сёння прадстаўнікі беларускай супольнасці ўжо ёсць у 10 гарадах Украіны.
Гэта натхняе і дае ўпэўненасць у тым, што нават у прыфрантавым горадзе беларуская супольнасць застаецца жывай, актыўнай і адказнай.
Працуем далей!
Жыве Беларусь!
Слава Украіне!


